МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,
кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.Кун (Германія), М.Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.М.Афанасьеў, Ф.І.Буслаеў, А.Ф.Мілер, А.А.Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел. нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.А.Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж. бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.
М.Ф.Піліпенка.
т. 10, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)